Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА і штогод адзначаецца 21 лютага. Галоўная яго мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.
“Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова”. Змітрок Бядуля
Колькі гадоў беларускай мове?
Беларускай мове столькі ж гадоў, колькі любой са славянскіх моў: рускай, украінскай, польскай і г. д. Падмуркам для стварэння і развіцця славянскіх моў паслужылі дыялекты асобных славянскіх плямёнаў, якія два тысячагоддзі таму пачалі рассяляцца па велізарных тэрыторыях Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, дзе да нядаўняга часу яшчэ панаваў ледавік.
Ужо ў самым пачатку нашай эры славян пачынаюць згадваць у старажытных рымскіх, гоцкіх, арабскіх, візантыйскіх тэкстах, называючы іх венедамі, антамі, склавенамі, славенамі. Больш падрабязна пра славян мы чытаем у знакамітай «Аповесці мінулых гадоў», дзе Нестар-летапісец пералічае наступныя плямёны: паляне, драўляне (або дзераўляне), севяране, дрыгавічы, радзімічы, крывічы, славене, вяцічы, бужане, углічы, ціверцы, харваты.
Як да нас прыйшла пісьменнасць?
Сёння словы кірыліца, кірылічны алфавіт мы ўспрымаем настолькі натуральна, што часта не задумваемся, чаму менавіта так мы называем азбуку, якой карыстаемся, і нават раскладку на клавіятуры камп’ютара.
А пачыналася ўсё вось як… У ІХ стагоддзі ў Цэнтральнай Еўропе ўтварылася Мараўскае княства, даволі моцнае і вялікае па тых часах. На чале княства стаяў князь Растыслаў, які вырашыў, што хрысціянства можа стаць той рэлігіяй, якая аб’яднае плямёны ў новай дзяржаве. Князь звярнуўся да візантыйскага імператара Міхаіла ІІІ, каб той прыслаў яму настаўнікаў новай веры, якія б маглі гаварыць па-славянску. Такім чынам, у Маравію накіраваліся два браты — Канстанцін, знакаміты філосаф, паліглот, перакладчык (потым, прыняўшы манаскі сан, ён атрымаў імя Кірыл), і Мяфодзій.
Добрыя словы пра Родную мову
Дзеці з задавальненнем чытаюць беларускія кнігі, вершы. Знаёмяцца з творчасцю беларускіх пісьменнікаў.
Шмат у свеце цудоўных моў, але у кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай.
У Магілеўскай дзіцячай школе мастацтваў №4 праходзяць “ДНІ РОДНАЙ МОВЫ»:
ФЛЭШ-БАТЛ “ХУТКАМОЎКІ”
Чытайце хуткамоўкі разам з намі!
Публікуйце свае відэазапісы ў сацыяльных сетках з хэштэгам #mdshi4 #хуткамоўкі #МДШМ4
Давайце цікава бавіць хвілінкі!
Беларускія хуткамоўкі можаце спампаваць тут Хуткамоўкі
21 лютага дзеці гуляюць ў беларускія музычныя настолкі! Крыжаванкі, блытанкі, музычныя даганялкі, круцігалоўкі, шыфравальныя колы і шмат іншага!
Дзеці і дарослыя з радасцю прынімаюць удзел у мерапрыемствах. Чытаюць хуткамоўкі, гуляюць у беларускія музычныя настолькі і гульні, глядзяць мультфільм з беларускім перакладам, пішуць дыктоўку па-беларуску пра музычныя інструменты! Цікава і з карысцю бавяць час!